ТЭКСТУРАВА́НАЯ НІ́ТКА, высокааб’ёмная нітка,
комплексная нітка тэкст. са штучна нададзенай ёй звілістасцю. У Т.н. звілістая кожная монанітка, што перашкаджае іх шчыльнаму ўкладванню ў комплекснай нітцы.
Ад звычайных комплексных нітак Т.н. адрозніваюцца паніжанай аб’ёмнай масай (для Т.н. яна ў 10—20 разоў меншая, чым для гладкіх нітак), большай порыстасцю, мяккасцю і ў некат. выпадках вял. пругкай расцяжнасцю — высокарасцяжныя Т.н. (гандл. назвы: стрэч, хеланка, эластык і інш.), маюць расцяжнасць да 400%. Вырабляюць Т.н. пераважна з сінт. палімераў. Асн. паказчык эксплуатацыйнай каштоўнасці Т.н. і вырабаў з іх — устойлівасць звілістасці; найб. ўстойлівасць маюць Т.н. з капрону і аніду (гл. Поліамідныя валокны). Выкарыстоўваюць Т.н. для вырабу паветрапранікальных, гіграскапічных тканін і трыкатажу, а таксама шкарпэтак, панчох, штучнага футра і інш.
Літ.:
Носов М.П., Волхонский А.А. Производство текстурированных нитей. М., 1982;
Усенко В.А. Производство крученых и текстурированных химических нитей. 2 изд. М., 1987.
М.Р.Пракапчук.
т. 16, с. 109
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)